Директор замкового комплекса «Мир» рассказал, откуда в музей поступают деньги

0

Наша гісторыя — гэта ўзыходзячы турыстычны трэнд. Ёй масава цікавяцца не толькі жыхары краіны, але і шматлікія госці Беларусі. Сёння, як паказвае жыццё, музею ўжо недастаткова быць толькі ўстановай з класічнай экспазіцыяй. Яны ператвараюцца ў асобную індустрыю паслуг, якая дазваляе зарабляць грошы на ўласнае развіццё. Мы пацікавіліся вопытам і напрацоўкамі ў гэтай галіне вядучых музеяў краіны.

Летась ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры атрымана 161,2 млн рублёў, што на 9,2 працэнта больш, чым у 2017 годзе. Найбольшы рост даходаў забяспечаны ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Свой унёсак у агульную справу робіць і Мірскі замак. Чым і як жыве сёння музей «Замкавы комплекс «Мір»? Пра гэта размова з дырэктарам культурнай установы Аляксандрам Лойкам.

З 2000 года Мірскі замак — сусветная каштоўнасць, уключаная ў ахоўны Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
ФОТА ТАЦЦЯНЫ СТАЛЯРОВАЙ.

Баланс творчага і матэрыяльнага

— Аляксандр Часлававіч, музей, якім вы кіруеце, уваходзіць у лік лідараў па самастойных заробках. Пахваліцеся фінансавымі паказчыкамі?

— На гэты конт скажу коратка: усе паказчыкі выкананы. Бо мне, як чалавеку творчаму, калі пачынаецца гаворка пра культуру ў лічбах, становіцца крыху ніякавата, культура не паддаецца матэматычнаму вымярэнню. Усё ж яна — рэч больш далікатная і духоўная. Лічу, наш музей — творчая адзінка ў сістэме Міністэрства культуры, і асноўная наша дзейнасць — менавіта музейная, навуковая, прычым тымі кірункамі, якімі займаецца наш музей, не займаецца больш ніхто. Напрыклад, нядаўна выдалі ўнікальную кнігу пра князёў Вітгенштэйнаў. З чатырох уладальнікаў Мірскага замка яны — трэція і найбольш невядомыя, звесткі пра іх практычна немагчыма сёння знайсці нідзе, толькі ў нас. Такім чынам, навуковая справа і творчая дзейнасць стаяць на першым месцы.

— Але для найбольш плённага іх развіцця патрэбны трывалы фінансавы падмурак. 

— Безумоўна. І музейны комплекс «Мір» дазваляе зарабляць. Але, лічу, усё ж павінен быць баланс — творчага і матэрыяльнага. Каб не выплеснуць дзіця разам з вадой. Не ўсё вымяраецца грашыма, але, сеючы разумнае, вечнае, і нахлебнікамі ў дзяржавы, канешне, быць не хочацца. Сёння Мірскі замак амаль на 70 працэнтаў самаакупны, толькі 30 працэнтаў дае дзяржава.

— Калі зазірнуць у «кішэню» замка, адкуль грошы?

— Турыст — галоўны наш карміцель. За мінулы год у нас пабывалі 320 тысяч наведвальнікаў, і за гэтую лічбу нам не сорамна, па гэтай пазіцыі мы на чацвёртым месцы сярод музеяў краіны. Хаця лічба далёка не поўная. У нас жа 26 гектараў тэрыторыі, і яна практычна не агароджана. Адусюль можна на яе зайсці бясплатна — агле­дзець замак звонку, палюбавацца ад яго сцен наваколлем, завітаць ва ўнутраны дворык. Падлічыць, колькі людзей гэта робяць што­дня, немагчыма, мы і не імкнёмся. Наведвальнікамі лічым толькі тых, хто набыў квіток у касе музея. Да слова, у будні звычайны агляд экспазіцыі каштуе ад 6 да 12 рублёў, у выхадныя — ад 7 да 14 рублёў.

Аляксандр ЛОЙКА: «Мірскі замак — самы дарагі экспанат-артэфакт музея, і да яго можна дакрануцца».
MIRZAMAK.BY

Імідж — усё

— Акрамя даходаў ад продажу білетаў, якія яшчэ крыніцы паступлення пазабюджэтных сродкаў?

— У самім замку ёсць 16 выдатных гасцінічных нумароў з адмысловымі замкавымі інтэр’ерамі, 16 разоў можна прыязджаць і кожны раз адпачываць у новых апартаментах, старадаўняя раскоша якіх спалучаецца з сучасным камфортам. Працуюць більярд, саўна, рэстаран, кавярня. Ёсць канферэнц-зала на 250 месцаў і невялікая зала на 30 асоб з усім неабходным абсталяваннем для дзелавых сустрэч і перамоў, паслугамі адначасова чатырох сінхронных перакладчыкаў. Для арганізацый арандаваць гэтыя памяшканні — не такія вялікія грошы на сённяшні час. Напрыклад, вялікая зала недзе 100 рублёў у гадзіну каштуе. Гэта бюджэтны варыянт.

У музеі працуе сувенірны кіёск, дзе можна набыць брэндавыя рэчы, гэтую лінейку спецыяльна распрацаваў для нас вядомы куцюр’е Іван Айплатаў. У нас не так многа плошчы, каб размяшчаць шмат танных рэчаў, таму адыходзім ад сувенірнага шырспажыву.

Наогул, вядзём рознабаковую працу менавіта па рэкламе нашага аб’екта. За 8 гадоў самастойнай дзейнасці нас добра ведаюць у Беларусі, у тым ліку і дзякуючы выяве Мірскага замка на купюры ў 50 беларускіх рублёў, але ўсімі магчымымі спосабамі імкнёмся прасоўваць свой прадукт і на іншыя рынкі: туды, адкуль часцей да нас прыязджаюць — Расія, Прыбалтыка, Польшча і нават Кітай. Летась заключылі дамовы аб супрацоўніцтве з замкам у правінцыі Гуанчжоў, цяпер яго турыстычныя маршруты пралягаюць і праз Мір.

Да слова, у справе рэкламы выходзім ужо і на іншую ступень. Напрыклад, у летні сезон па суботах і нядзелях у замку выступае тэатр «Шатландская пяхота». Спачатку за гэтыя паказальныя баі мы плацілі іх удзельнікам 300 рублёў. Прайшло некалькі гадоў, і цяпер у нас іншыя адносіны: ужо нам плацяць 100 рублёў, каб дазволілі выступіць на тэрыторыі замка.

— Наогул у памяшканнях замка і побач з ім адбываецца многа розных мерапрыемстваў.

— Так. Творчасць эканамічнай дзейнасці спрыяе. Мы пачалі шырока праводзіць мерапрыемствы кшталту оўпен-эйр. Кожную суботу з мая па верасень адбываюцца вячэрнія імпрэзы, канцэрты, выступаюць аркестры, тэатры, і гэтую традыцыю будзем працяг­ваць. У самім замку ладзіцца многа выстаў. Ёсць іміджавыя праекты, як, напрыклад, баль у замку на стары Новы год. Няхай ён не прыносіць вялікіх прыбыткаў, але з задавальненнем яго праводзім, бо дзякуючы яму нас добра ведаюць у рэспубліцы. Дарэчы, прапануем магчымасць рабіць балі для рознай узроставай аўдыторыі і ў стылі розных эпох, зараз распрацоўваем сцэнарый афіцэрскіх баляў. У замкавых інтэр’ерах адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі святкавання гадавін вяселля, пазнавальныя лекцыйныя ўрокі, праводзяцца адноўленыя старадаўнія шляхецкія гульні, а аматарам таямніц і загадак да спадобы нашы эксклюзіўныя захапляльныя квесты.

— Чаго сёння хоча наведвальнік музея?

— Лічу, той, хто аднекуль прыязджае, хоча перш за ўсё ўбачыць артэфакты, якіх нідзе больш няма. З ліку такіх у нас, напрыклад, самая вялікая ў краіне калекцыя ўнікальных старадаўніх шпалер — 11 экзэмпляраў. Але наш самы галоўны экспанат-артэфакт — сам замак пачатку XVI стагоддзя. Прычым насуперак асноўнаму музейнаму правілу — «не чапаць рукамі», да яго муроў і цаглін можна дакрануцца, адчуць подых сівой даўніны, сустрэцца з ёй сам-насам. Толькі дзеля гэтага варта пабываць у Міры.

У час экскурсіі па Мірскім замку.
ФОТА ВІТАЛЯ ПІВАВАРЧЫКА

Мары збываюцца

— З 2000 года Мірскі замак — сусветная каштоўнасць, уключаная ў ахоўны Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты статус дапамагае фінансава?

— Не. Быць аб’ектам ЮНЕСКА — гэта, безумоўна, вялікі гонар, але і велізарныя абавязкі. Замак — ахоўны помнік. Напрыклад, у справе стварэння інфраструктуры тут можна было б многа рознага набудаваць, але мы не маем права выдумваць таго, чаго не было, мы кожны новы цвік павінны ўзгадняць з радай Міністэрства культуры, якая абапіраецца на патрабаванні ЮНЕСКА.

Грашова ад гэтай арганізацыі мы нічога не атрымліваем і ёй не адлічваем, а тое, што пабудавана і адноўлена да сённяшняга дня ў Мірскім замку, зроблена дзякуючы нашай дзяржаве і перш за ўсё асабістай волі нашага Прэзідэнта. Дарэчы, тое, што Мірскі замак уяўляе зараз, — вынік толькі першай чаргі рэстаўрацыі. Далей прадугледжаны яшчэ чатыры. Зараз распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на аднаўленне на тэрыторыі замка італьянскага саду, добраўпарадкаванне дамбы з пабудовай летняга кафэ, вядуцца раскопкі рэшткаў палаца Святаполк-Мірскіх. Для ажыццяўлення гэтай дзейнасці неабходны фінансы. Канешне, за ўласныя грошы ўсё гэта не выцягнем, таму шукаем сродкі з розных крыніц. Магу пахваліцца: упершыню па лініі еўрапейскага трансгранічнага супрацоўніцтва Літва — Латвія — Беларусь музей атрымаў грант — 123 тысячы еўра. За гэтыя грошы зможам зака­заць тачскрыны, аўдыягіды, нават 3D-мадэлі, якія будуць хадзіць па нашым замку.

Першая спроба пяра для нас, але, думаю, гэтую фінансавую крыніцу варта развіваць на будучыню.

— А ці ёсць у музея мецэнаты?

— Так. Напрыклад, Андрэй Балыка — літоўскі мецэнат беларускага паходжання, ураджэнец Бабруйска. Ён мае званне пачэснага мецэната ад нашага Міністэрства культуры. Аказвае дапамогу нашаму музею ўжо некалькі гадоў. Дзякуючы яму экспазіцыю ўпрыгожваюць сёння два арыгінальныя мэблевыя гарнітуры XIX стагоддзя. Наш музей малады, аддзяліўся ад Нацыянальнага мастацкага музея і самастойна пачаў працаваць з 2011 года. Сёння сярод усіх рэспубліканскіх дзяржаўных музеяў у нас самы малы фонд — толькі 5 тысяч адзінак захоўвання. Практычна ўсе набыткі адразу ідуць у экспазіцыі, а не ў запаснік, што вымушае вельмі скрупулёзна ставіцца да справы папаўнення фондаў. Летась набылі ўсяго 172 прадметы, але сярод іх французская шпалера канца XVII стагоддзя, рарытэтнае выданне Генрыка Сенкевіча, антыкварнае шкло… У першую чаргу набываем рэчы, якія маюць адносіны да нашай гісторыі — перыядаў уладання замкам Ільінічамі, Радзівіламі, Вітгенштэйнамі і Святаполк-Мірскімі.

— Што ў планах музея на перспектыву?

— Планы на будучыню імператарскія. Калі я некаторыя з іх агучваю, чую ў свой адрас: фантазёр. Напрыклад, адна з праблем, што 90 працэнтаў нашых турыстаў прыязджаюць праз турыстычныя фірмы і толькі 10 працэнтаў дабіраюцца да Мірскага замка самастойна, на маршрутцы. Гэта мала. Я ўжо задумваўся, можа, нам купіць самім некалькі аўтобусікаў, каб таксама вазіць. Але ёсць і іншая ідэя. Бліжэйшая да нас чыгуначная станцыя Гара­дзея ў 16 кіламетрах. На далёкую перспектыву: а што, калі пусціць ад яе да Міра пастаянны стылізаваны цягнічок, вузкакалейка тут калісьці была. Падарожжа было б прыемным і цікавым. Вось і кажуць: фантазёр. Але ж мары здзяйсняюцца. Напрыклад, ці мог хто ўявіць у 1990-х, што з руін паўстане прыгажун Мірскі замак? Таму крыху фантазіраваць варта.

Ну а калі пра бліжэйшыя мары, то зараз яна адна ва ўсіх супрацоўнікаў нашага музея: наданне замкаваму комплексу статусу «нацыянальны». На сёння, лічу, ён адпавядае ўсім крытэрыям для гэтага. Паперы знаходзяцца зараз на разглядзе ў Міністэрстве культуры. Будзем спадзявацца, што зоркі сыдуцца. Мірскі замак — брэнд, сімвал нашай краіны, пазнавальны і вядомы далёка за яе межамі. І чый жа ён, калі не нацыянальны?..

КАМПЕТЭНТА

Наталля ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры:

— З пастаўленай задачай зараб­ляць сродкі самастойна пераважная большасць дзяржаўных музеяў паспяхова спраўляецца. Аб гэтым сведчыць штогадовы рост іх пазабюджэтных даходаў, які прадугледжваецца дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады. Так, па выніках мінулага года планавы рост пазабюджэтных даходаў музеяў (+6 працэнтаў да папярэдняга года) выкананы.

Сярод музеяў рэспубліканскага падпарадкавання найбольш вялікі аб’ём пазабюджэтных сродкаў у мінулым годзе быў атрыманы Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж», музеем «Замкавы комплекс «Мір», Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой», Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

Сярод іх безумоўныя лідары — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і музей «Замкавы комплекс «Мір». У свой час дзяржава ўклала ва ўзнаўленне гэтых аб’ектаў немалыя сродкі, сёння ўдзельная вага пазабюджэтных даходаў у кансалідаваным бюджэце гэтых устаноў больш за 70 працэнтаў.

Колькасць наведванняў музеяў нашай краіны ў мінулым годзе склала болыш за 6,5 мільёна, што, заўважу, нават перавысіла паказчык, запланаваны ў межах дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады (прадугледжваўся рост на 3 працэнты, выканана 6,9 працэнта). Найбольшая колькасць наведванняў музеяў у мінулым годзе была зафіксавана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гро­дзенскай абласцях (+14,4 працэнта, +9 і +8,8 працэнта да планавых паказчыкаў адпаведна).

Адначасова выраслі паказчыкі рэспубліканскіх музеяў, сярод якіх лідарамі па наведванні ўжо не першы год з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (571 013 наведванняў), мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (522 351), Нацыянальны гісторыка-культуры музей-запаведнік «Нясвіж» (421 881).

Трэба адзначыць, у дзясятцы лідараў па наведвальніках па выніках мінулага года не толькі музеі рэспубліканскага падпарадкавання, але і шэраг абласных — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Гэта сведчыць пра запатрабаванасць музейных экспазіцый і выстаў не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Наша задача — падтрымліваць гэтую зацікаўленасць і надалей.

www.sb.by

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться ссылкой:

Поделиться.

Комментарии закрыты

This site is protected by wp-copyrightpro.com

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: